Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Роднае слова – гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i навакольны свет. Кожны iнтэлiгентны чалавек павiнен ведаць i паважаць мову краiны, у якой нарадзiлiся яго продкi i ён сам. Родная мова – адзiн з першых сродкаў адрознення нацыянальнасцей i культур. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, ўсвядомiў, што мова – гэта сапраўды наша багацце. Ведаць i абараняць яе – наш абавязак.
У нашай краіне прызнаны дзяржаўнымі дзве ўсходнеславянскія мовы – руская і беларуская.
21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы
Свята было заснавана рашэннем 30 й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года. Сэнс гэтага свята – папулярызацыя моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Размаўляй па-беларуску
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
П. Панчанка
Размаўляй па-беларуску. І не саромейся недасканалай гаворкі.
Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.
«Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова», — Змітрок Бядуля.